КО́БРЫНСКІ БОЙ 1812 Адбыўся 27.7.1812 у г. Кобрын і яго наваколлі паміж рус. дывізіямі К.В.Ламберта і Я.І.Чапліца і атрадам саксонскага корпуса Ж.Л.Рэнье ў вайну 1812. Камандуючы 3-й Зах. арміяй А.П.Тармасаў атрымаў заданне выступіць на Брэст, Кобрын і Пружаны і дзейнічаць у тыле франц. арміі, 17 ліп. ён загадаў Ламберту і А.Р.Шчарбатаву рухацца на Брэст, а потым павярнуць на Кобрын, куды з Ковеля павінны былі падысці асн. сілы арміі. Каб адцягнуць частку саксонскіх войск ад Кобрына, асобы атрад ген. А.П.Мелісіна павінен быў рухацца да Пінска. 25 ліп. атрад Шчарбатава заняў Брэст, злучыўся з дывізіяй Ламберта, і раніцай 27 ліп. яны падышлі да Кобрына. Пасля падыходу перадавога атрада 3-й арміі на чале з Чапліцам пачаўся агульны штурм Кобрына. У выніку 9-гадзіннага бою саксонцы адступілі з горада і здаліся. Было забіта каля 2 тыс. саксонцаў, узяты ў палон 2 генералы, 76 афіцэраў, 2382 чал. ніжніх чыноў; страты рускіх склалі 77 чал. забітымі і 182 параненымі. К.б. быў першай перамогай рус. войск з пачатку вайны. У выніку французы павінны былі трымаць супраць арміі Тармасава значныя сілы, што адмоўна паўплывала на армію Напалеона ў час яе адступлення ад Масквы.